Адным з абавязковых рытуалаў Лукашэнкі з’яўляюцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі заводаў і прамысловых прадпрыемстваў. Такія сустрэчы заўсёды праходзяць па адным і тым жа сцэнары: Лукашэнка прамаўляе маналог, пашыхтаваны калектыў прадпрыемства слухае яго, не рухаючыся, часам задае загадзя падрыхтаваныя пытанні, аператары здымаюць усё з адных і тых жа ракурсаў, таму гледачы атрымліваюць практычна аднолькавыя кадры з розных прадпрыемстваў. Такім чынам дзяржаўнае тэлебачанне транслюе патрэбны вобраз зносін улады з народам. Так ствараецца ілюзія дыялогу народа і ўлады, а таксама «правільны» вобраз прэзідэнта: чалавека, які самастойна спраўляецца з усімі выклікамі, за што яму ўсе вельмі ўдзячныя. Вобраз працоўнага чалавека і яго лаяльнасць вельмі важныя для прапаганды, бо працоўны клас заўсёды лічыўся асноўным электаратам Лукашэнкі.